ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.

Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак. Пл. 360 тыс. км².

Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.

т. 4, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)